У вересні 2011 року білоруським видавництвом «Вища школа» був виданий збірник документів і матеріалів з історії діяльності воєнізованих формувань українських націоналістів на території Білорусі в кінці 30-х – початку 50-х років ХХ століття.Про це повідомляє Ігар Мельнікаў на сайті “Arche.by”.
У верасні 2011 года беларускім выдавецтвам «Вышэйшая школа» быў выдадзены зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі дзейнасціваенізаваных фарміраванняў ўкраінскіх нацыяналістаў на тэрыторыі Беларусі ў канцы 30-х – пачатку 50-х гадоў ХХ стагоддзя.
Дадзеная публікацыя, па сутнасці, з’яўляецца першай у беларускай гістарыяграфіі крыніцазнаўчай працай, прысвечанай акрэсленай праблематыцы. Айчынныя даследчыкі раней толькі фрагментарна закраналі гісторыю дзейнасці атрадаў Украінскай паўстанцкай арміі на тэрыторыі БССР. Так, у свой час дысертацыйнае даследаванне, прысвечанае вывучэнню дзейнасці ўкраінскіх арганізацый і іх узброеных фарміраванняў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прадставіў Юрый Чарняк. У працы Сяргея Ткачэнкі «Паўстанцкае войска: тактыка барацьбы» разглядалася гісторыя стварэння і дзейнасці УПА, аднак, без прывязкі да Беларусі. У падобным накірунку быў напісаны і раздзел «Дзейнасць ваенных фарміраванняў Арміі Краёвай і Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Руская вызваленчая армія» у двухтомніку «Гісторыя Беларусі», які выйшаў у 1998 г. пад рэдакцыяй прафесараў Я. Новіка і Г. Марцуля. Асобна варта вылучыць артыкул С. Ёрша «Украінская паўстанчая армія – Поўнач» у даведніку «Антысавецкія рухі ў Беларусі 1944-1956 гг.».
Выдадзеная раней навуковая літаратура па гэтым пытанні, не давала магчымасці стварыць комплекснае ўяўленне аб дзейнасці ўкраінскага антысавецкага падполля ў беларускім Палессі. У сувязі з гэтым, асаблівую ўвагу заслугоўвае падрыхтаваны беларускімі архівістамі і гісторыкамі зборнік «АУН-УПА ў Беларусі. 1939-1953 гг. ». У ім утрымоўваюцца 295 дакументаў, у тым ліку 221 з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ), 19 з Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці (ГАБО), 20 з Цэнтральнага архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (ЦА КДБ РБ), 9 з Архіва Упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці, 2 з Расійскага дзяржаўнага ваеннага архіва (РГВА). У выданне таксама ўключаны 24 дакумента з раней апублікаваных зборнікаў.
Асноўны від дакументаў, прадстаўленых у гэтай працы – гэта дакладныя запіскі, даведкі, звесткі, спецпаведамленні розных партыйных і дзяржаўных ворганаў, асобных адказных работнікаў у ЦК КП (б) Б, НКУС СССР і БССР. Многія з гэтых матэрыялаў публікуюцца ўпершыню.
Зборнік раскрывае дзейнасць АУН-УПА ў 1939 – 1953 гг. Значным плюсам выдання з’яўляецца тое, што ў ім змешчаны не толькі «савецкія» дакументы, але і матэрыялы самаго ўкраінскага падполля ў Беларусі (дакументы акругаў УПА «Заграва» і «Турів»). Праўда, дакументы УПА ўзяты з раней выдадзеных у Украіне выданняў «Літопис УПА». Зрэшты, гэта не прыняжае годнасць рэцэнзуемага выдання, бо, яшчэ раз варта падкрэсліць, што дадзеная праблематыка ў Беларусі доўгі час заставалася «белай плямай» у нацыянальнай гісторыі.
У прадмове да зборніка беларускія гісторыкі І. Валаховіч і А. Шаркоў прадставілі кароткую гісторыю стварэння Арганізацыі Украінскіх Нацыяналістаў, а таксама Украінскай Паўстанцкай Арміі. Вялікая ўвага нададзена апісанню структуры і дзейнасці ўкраінскіх антысавецкіх атрадаў непасрэдна ў паўднёвых абласцях БССР. Так аўтары адзначаюць, што на тэрыторыі беларускага Палесся АУН пачало ствараць свае структуры яшчэ ў 1930-я гг. Дадзенага меркавання прытрымліваюцца і многія польскія даследчыкі, адзначаючы, што дзейнасць АУН ў гэтым рэгіёне была характэрна і ў гады існавання Другой Рэчы Паспалітай. Бурны ўсплёск дзейнасці ўкраінскіх нацыяналістаў у беларускім Палессі быў звязаны з падзеямі 17 верасня 1939 года, г.зн., пачаткам «вызваленчага паходу чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну», калі менавіта «ўкраінскія нацыяналісты», разам з пракамуністычна настроеным беларускім насельніцтвам, удзельнічалі ў знішчэнні польскай дзяржаўнай інфраструктуры ў паўночна-ўсходніх ваяводствах Польшчы. Пасля нападу нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз значны ўплыў на працэс «украінізацыі» гэтых тэрыторый аказаў той факт, што паўднёвыя раёны Беларусі былі ўключаны ў рэйхскамісарыят «Украіна».
Матэрыялы, апублікаваныя ў зборніку, можна падзяліць на тры групы. Першая ўключае дакументы савецкіх дзяржаўных органаў, якія ўбачылі свет у даваенны перыяд (кастрычнік 1939 г. – чэрвень 1941 гг.). Гэта, у асноўным, справаздачы савецкіх сілавых структур аб барацьбе з «несістэмным» украінскім падполлем на тэрыторыі БССР.
Гісторыі дзейнасці ўкраінскіх нацыяналістаў падчас нямецкай акупацыі Беларусі (1941 – 1944 гг.) прысвечаны другі, найбольш аб’ёмны блок матэрыялаў, змешчаных ў зборніку. Тут пераважаюць справаздачы савецкіх партызанскіх частак і агентаў НКВД, закінутых у акупаваную Беларусь. Асаблівую цікавасць выклікаюць дакументы, у якіх савецкія камандзіры адзначаюць факт таго, што «бандэраўцы» змагаюцца з немцамі (с. 47, 146). Разам з гэтым, трэба адзначыць, што найбольшая колькасць боесутыкненняў на тэрыторыі БССР (зыходзячы з савецкіх і ўкраінскіх дакументаў) УПА мела менавіта з савецкімі партызанамі. Дзякуючы таму, што ў гэтым блоку аўтары-складальнікі зборніку прывялі дакументы ўкраінскіх паўстанцаў, ствараецца цэласная карціна проціборства, якое адбывалася тады паміж савецкімі партызанамі і атрадамі ўкраінскіх «нацыяналістаў».
Нарэшце, трэцяя група дакументаў адлюстроўвае гісторыю барацьбы савецкіх уладаў супраць УПА на тэрыторыі БССР у перыяд з 1944 па 1953 гг. Тут таксама шмат дакументаў савецкіх партызанскіх фарміраванняў, з якіх чытач даведаецца пра не простую ваенна-палітычную сітуацыю, якая склалася ў беларускім Палессі увесну 1944 г. У ва ўсёй масе прыведзеных дакументаў вылучаюцца матэрыялы, якія апавядаюць пра рэпрэсіі ўкраінскага падполля супраць польскага насельніцтва Заходняй Беларусі.
Многія дакументы сведчаць пра тое, што савецкія вайсковыя і цывільныя ўлады разглядалі атрады УПА як рэальную ваенную сілу, здольную дэстабілізаваць сітуацыю ў савецкай Беларусі (с. 136-139, 163-166, 175-179, 185-187, 218-224, 250-255, 272-274), прычым для барацьбы з імі толькі сіл міліцыі было не дастаткова. Гаворка, часцей за ўсё, ішла аб прыцягненні буйных вайсковых падраздзяленняў (с. 192-195, 197-198, 337-339). Шмат цікавых фактаў змяшчаецца і ў пратаколах допытаў затрыманых на тэрыторыі БССР удзельнікаў атрадаў УПА (с. 232-235, 237-238, 269-271, 416-444). Асаблівую цікавасць выклікае датаваная жніўнем 1949 г., складзеная з асаблівай скрупулёзнасцю даведка МГБ БССР аб структуры ўкраінскага падполля (с. 399 – 404). Тагачасныя беларускія чэкісты-аналітыкі на аснове значнай колькасці агентурных дадзеных, а таксама трафейных дакументаў апісалі ўсю іерархію «ўкраінскага нацыяналістычнага падполля» ў БССР аж да аператыўных псеўданімаў кіраўнікоў падпольных груп і структурных падраздзяленняў. Арыгінал дакумента захоўваецца ў «закрытым» для гісторыкаў Цэнтральным Архіве КДБ Рэспублікі Беларусь і таму яго публікацыя дадае дадатковы плюс рэцэнзаванаму выданню.
Падводзячы вынікі варта адзначыць, што зборнік «АУН-УПА ў Беларусі. 1939-1953 гг. : Дакументы і матэрыялы» з’яўляецца не толькі ўдалай і ва ўсіх сэнсах годнай навуковай працай, але і ўяўляе адчувальны ўклад у даследаванне падзей Другой Сусветнай вайны на землях Беларусі. Да таго ж, упэўнены, што дадзенае навуковая праца зацікавіць і гісторыкаў суседніх краін, перш за ўсё, Украіны, Расіі і Польшчы. Дакументы, якія змяшчаюцца ў зборніку, праліваюць святло на шматлікія аспекты гісторыі дзейнасці Украінскай Паўстанцкай Арміі на тэрыторыі Беларусі ў канцы 1930-х – пачатку 1950 гг. ХХ ст. Гэтыя матэрыялы папаўняюць прабелы па дадзенай праблематыцы, якія ёсць як у спецыялістаў у прыватнасці, так і ў грамадства ў цэлым. І ў гэтым галоўная вартасць гэтага выдання.
__________________________________________
Варто відзначити, що основні осередки українського підпілля на територіях теперішньої Республіки Білорусь, знаходились на українських етнографічних землях Берестейщини. Тому українці Берестейщини, як і українці Підляшшя та Холмщини тяжіли до боротьби за Незалежнисть України, і активно вливались в лави УПА.
Про боротьбу на теренах згаданої Військової Округи “Заграва”, йдеться у спогада ветеранів УПА Олександра Сидоровича Бакунця і Федора Кіндрата, та в історично-документальному романі Петра Вороб’я “Заграва”.